ЛЮБІ́МІЦА КЛА́ПА,

амерыканскі сорт грушы, атрыманы з насення сорту Лясная прыгажуня свабоднага апылення. На Беларусі пашырана ў Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай абл. Адзін з лепшых скараспелых сартоў.

Дрэва сярэднярослае, крона шырокапірамідальная, рэдкая. Пладаносіць на 7-ы год. Сорт малазімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да бактэрыяльнага раку і паршы. Ураджайнасць добрая. Плады 110—130 г яйцападобна выцягнутай формы, жаўтавата-зялёныя з яркім румянцам на сонечным баку. Мякаць белая. сакавітая, мяккая, масляністая, салодкая, выдатнага смаку. Спажывецкая спеласць у канцы жніўня.

М.Р.Мялік.

Любіміца Клапа.

т. 9, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)